Наш музей


 Памяць... Вялікі сэнс у сабе нясе гэтае святое слова для нас. Мы памятаем аб тых, хто не вярнуўся з Вялікай Айчыннай. Мы памятаем і беражліва захоўваем памяць аб нашых родных і блізкіх, якія ўжо пайшлі з жыцця. Мы свята шануем памяць аб нашых сучасніках, якія загінулі ў Афганістане.

Наш музей носіць імя Двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Іванавіча Грыцаўца, воіна-інтэрнацыяналіста, які ваяваў у небе Іспаніі і Манголіі. Гэта беларус, наш зямляк, родам з-пад Баранавіч.

Першапачаткова музей належаў 107 школе. Пошукавая работа навучэнцаў СШ №107 пад кіраўніцтвам настаўнікаў дала шмат матэрыялаў. Яны звярталіся ў архіў Узброеных сіл, у Адэсу ў аэраклуб, у Арэнбургскую лётную школу, у Маскву да дачкі Грыцаўца, у Кіеў да сястры, у Залатавуст на завод, дзе слесарам працаваў Сяргей Іванавіч; адшукалі сяброў, напрыклад, Антоніа Арыяса - іспанскага камуніста, з якім ваяваў C.І. Грыцавец у Іспаніі. У 1962 г. у 107 школе ўжо быў створаны паўнавартасны музей, якому скульптар 3. Азгур падарыў бюст героя.


Збор дружыны. У гасцях у СШ №107 скульптар Азгур, 1971 г.

У 1999 г. былі абноўлены экспазіцыі, і музей набыў іншы профіль - музей воінаў-інтэрнацыяналістаў. Гэта было зроблена з нагоды 10-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Новыя экспазіцыі музея расказвалі пра Афганскую вайну і яе герояў.

У сувязі з ліквідацыяй СШ №107 музей воінаў-інтэрнацыяналістаў па просьбе маці загінулага воіна-афганца, былога вучня гімназіі №9 Дзмітрыя Манкевіча, быў перададзены нашай гімназіі.


Антоніа Арыяс у гасцях у школьнікаў, 1978 г.

Сама Манкевіч Лідзія Яфімаўна доўгі час узначальвала Рэспубліканскую асацыяцыю ўдоў і маці загінуўшых воінаў-афганцаў і стаяла ля вытокаў стварэння музея воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Экспазіцыі музея ў разабраным выглядзе былі перададзены гімназіі № 9 у чэрвені 2004 года, а з верасня пачалося яго аднаўленне.

У музеі 3 экспазіцыі.

 Стэнды экспазіцыі пра Сяргея Іванавіча Грыцаўца расказваюць аб дзяцінстве, юнацтве і станаўленні лётчыка, аб яго подзвігах у небе Іспаніі і Манголіі, аб баявым сябры - іспанскім камунісце Антоніа Арыясе, аб увекавечанні памяці Героя.

2-я экспазіцыя “… І буду жыць у кароткім слове “памяць” прысвечана воінам-інтэрнацыяналістам Першамайскага раёна г.Мінска. Гэта Манкевіч Дзмітрый, Ямец Сяргей, Бакшта Генадзь, Даўгаполаў Ігар, Харытончык Юрый, Бекоеў Павел, Ільчанка Аляксандр.

Экспазіцыя «Прабач, мой сябар, што ты загінуў, а я ўсяго толькі паранены…» знаёміць з воінамі, якія вярнуліся з Афганістана, іх подзвігамі, жыццём пасля афганскіх падзей.

Сярод найбольш каштоўных экспанатаў музея можна адзначыць:

  • Бюст двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Іванавіча Грыцаўца (скульптар З. Азгур);
  • Баян Дзмітрыя Манкевіча;
  • Заплечнік для парашутыста-дэсантніка.
  • Рэвальверная кабура 1930-х гадоў і інш.

Ёсць у музеі і іншыя цікавыя прадметы: палявая радыёстанцыя, асабістыя рэчы афганскіх салдат, перададзеныя сваякамі: форма, гарнітура, паўсядзённая салдацкая форма, салдацкі рамень, а таксама ўзнагародныя дакументы, фатаграфіі, зямля Афганістана, фрагмент снарада рэактыўнай сістэмы залпу і г.д.

Матэрыялы музейнага фонду шырока выкарыстоўваюцца на ўроках гісторыі, пазакласных мерапрыемствах, дапамагаючы навучэнцам зразумець сутнасць і значэнне гісторыі нашай краіны. Дзякуючы сувязі з ветэранскімі арганізацыямі Афганістана і ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, мы ладзім святочныя канцэрты і ўрокі мужнасці.

Члены Савета музея вядуць актыўную навукова-даследчую дзейнасць. Вынікам сталі даследчыя і творчыя праекты навучэнцаў. Члены Савета музея з'яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі і пераможцамі раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх конкурсаў.

Наш музей дапамагае выхоўваць сапраўдны патрыятызм і павагу да старэйшага пакалення ў дзяцей і моладзі, дапамагае асэнсаваць і зразумець падзеі Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане, вучыць спачуванню, міласэрнасці і спагадзе.

 Сардэчна запрашаем усіх жадаючых наведаць Музей воінаў-інтэрнацыяналістаў імя С.І.Грыцаўца ў нашай гімназіі па адрасе: г. Мінск, вул. Сядых, д. 10,  каб. 109.

Цікавыя экспанаты нашага музея