Наш музей воінаў-інтэрнацыяналістаў носіць імя Двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Іванавіча Грыцаўца, воіна-інтэрнацыяналіста, які ваяваў у небе Іспаніі і Манголіі. Гэта беларус, наш зямляк, родам з-пад Баранавіч.
Аляксандр Твардоўскі прысвяціў яму такія радкі:
У летчиков
наших такая порука,
Такое
заветное правило есть,
Врага
уничтожить большая заслуга,
А друга
спасти - это высшая честь.
Сяргей Грыцавец нарадзіўся 19 ліпеня 1909 года ў вёсцы
Бараўцы, цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай
вобласці, у сялянскай сям'і.
Перад вамі артыкул пра С.І.
Грыцаўца ў газеце «Гонар зямлі Зауральскай» за 1959 г. Ён быў выпушчаны да
50-годдзя з дня нараджэння Сяргея Іванавіча і расказвае пра яго баявы шлях,
сяброў і таварышаў, а таксама подзвігі ў Іспаніі і Манголіі.
Справа
ў тым, што ў гады Першай сусветнай вайны сям'я Грыцаўца перабралася ў пасёлак
Шуміха (а гэта за Уралам), дзе прайшлі яго дзяцінства і юнацтва. У г.Залатавусце
некалькі гадоў Сяргей працаваў слесарам на заводзе.
У
1932 годзе па камсамольскай пуцёўцы ён скончыў Арэнбургскую ваенную школу
пілотаў, стаў лётчыкам. Камандаваў звяном, атрадам, палком.
У
чэрвені 1938 г., у складзе групы з 34 лётчыкаў, прыбыў у Іспанію для аказання
дапамогі іспанскім рэспубліканцам у барацьбе супраць прафашысцкага блока
генерала Франка. У паветраных баях знішчыў 30 самалётаў суперніка асабіста і 7 у групе. У адным з баёў на І-16 у адзіночку здолеў
збіць 7 самалётаў.
Са сваімі лётчыкамі часам забіраліся без кіслародных прыбораў на вышыню да 7 км, каб
адтуль абрынуць удар на суперніка. За подзвігі ў небе Іспаніі Сяргею Іванавічу
Грыцаўцу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Пасля Іспаніі Грыцавец быў накіраваны ў Манголію, дзе
летам 1939 года стаў удзельнікам баёў з японскімі захопнікамі на рацэ Халкін-Гол.
У паветраных баях асабіста збіў 12 японскіх самалётаў. 26 чэрвеня над
тэрыторыяй, занятай супернікам, быў збіты самалёт яго камандзіра, маёра
Забалуева.
У гэтым баі ўдзельнічаў і Сяргей Грыцавец. Нядоўга
думаючы, ён пасадзіў сваю машыну непадалёк ад месца, дзе прызямліўся таварыш,
дапамог яму забрацца ў кабіну і ўзляцеў пад агнём японскай пяхоты. За перамогі
ў паветраных баях і выратаванне камандзіра Сяргей Грыцавец быў узнагароджаны
другой Залатой Зоркай Героя Савецкага Саюза.
Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны (да якой ён, на
жаль, не дажыў) менавіта Грыцавец быў самым дзейсным савецкім лётчыкам-знішчальнікам,
маючы 42 асабістыя перамогі! Таму Сяргея Іванавіча сапраўды можна лічыць
гонарам і зямлі Зауральскай, і вядома зямлі беларускай!
Каштоўнасць газеты, што вы зараз бачыце, заключаецца і ў тым, што яна з'яўляецца адным з першых экспанатаў нашага музея, які быў створаны ў 1962 г. і з'яўляецца адным са старэйшых школьных музеяў г. Мінска!