Бюст С.І. Грыцаўца

 Наш музей воінаў-інтэрнацыяналістаў носіць імя Двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Іванавіча Грыцаўца, воіна-інтэрнацыяналіста, які ваяваў у небе Іспаніі і Манголіі. Гэта беларус, наш зямляк, родам з-пад Баранавіч.

Аляксандр Твардоўскі прысвяціў яму такія радкі:

У летчиков наших такая порука,

Такое заветное правило есть,

Врага уничтожить большая заслуга,

А друга спасти - это высшая честь.

Перад вамі бюст Сяргея Іванавіча, праца знакамітага беларускага скульптара Заіра Азгура.

Сяргей Грыцавец нарадзіўся 19 ліпеня 1909 года ў вёсцы Бараўцы, цяпер Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці, у сялянскай сям'і. У 1932 годзе скончыў Арэнбургскую ваенную школу пілотаў. Камандаваў звяном, атрадам, палком.

У чэрвені 1938 г., у складзе групы з 34 лётчыкаў, прыбыў у Іспанію для аказання дапамогі іспанскім рэспубліканцам у барацьбе супраць прафашысцкага блока генерала Франка. У паветраных баях знішчыў 30 самалётаў суперніка асабіста і 7 у групе. У адным з баёў на І-16 у адзіночку здолеў збіць 7 самалётаў.

Са сваімі лётчыкамі часам забіраліся без кіслародных прыбораў на вышыню да 7 км, каб адтуль абрынуць удар на суперніка. За подзвігі ў небе Іспаніі Сяргею Іванавічу Грыцаўцу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Пасля Іспаніі Грыцавец быў накіраваны ў Манголію, дзе летам 1939 года стаў удзельнікам баёў з японскімі захопнікамі на рацэ Халкін-Гол. У паветраных баях асабіста збіў 12 японскіх самалётаў. 26 чэрвеня над тэрыторыяй, занятай супернікам, быў збіты самалёт яго камандзіра, маёра Забалуева.

У гэтым баі ўдзельнічаў і Сяргей Грыцавец. Нядоўга думаючы, ён пасадзіў сваю машыну непадалёк ад месца, дзе прызямліўся таварыш, дапамог яму забрацца ў кабіну і ўзляцеў пад агнём японскай пяхоты. За перамогі ў паветраных баях і выратаванне камандзіра Сяргей Грыцавец быў узнагароджаны другой Залатой Зоркай Героя Савецкага Саюза.

На жаль, Сяргей Грыцавец загінуў пры пасадцы самалёта ў верасні 1939 гады.

Варта адзначыць, што наш музей - адзін са старэйшых школьных музеяў у горадзе Мінску, ён быў створаны ў 1962 г. і першапачаткова знаходзіўся ў 107 школе, якой 3аір Азгур і падарыў бюст героя. Бюст зроблены з бронзы і яго вага каля 30 кілаграм. Сам Заір Ісакавіч бываў у нашым музеі, пра што сведчаць фатаграфіі, якія захаваліся ў нас.

Бюст у нашым музеі з'яўляецца не першай працай Азгура, прысвечанай Грыцаўцу. У 1955 г. у Мінску быў усталяваны помнік Сяргею Іванавічу, аўтарам якога таксама з’яўляецца вялікі скульптар. Першапачаткова помнік знаходзіўся ў парку Янкі Купалы, а пазней яго перанеслі на вуліцу Леніна, дзе ён зараз і знаходзіцца.

Спадчына Азгура - мастацкае багацце, якое вельмі ўражвае. Толькі ў Мінску гэта манументальны скульптурны ансамбль Якубу Коласу, гэта манумент Дзяржынскага, гэта адзін з барэльефаў на абеліску Перамогі на плошчы Перамогі і шмат іншага.

Мы ганарымся, што частку спадчыны Заіра Ісаакавіча можна ўбачыць і ў нашым музеі.